ПОЛ ПОТ (сапр. Салот Сар; 19.5.1928, прав. Кампонгцям, Камбоджа — 9.6.1996),

палітычны і дзяржаўны дзеяч Камбоджы. У 1949—52 вучыўся ў Сарбоне (Францыя). З 1940-х г. удзельнік антыяп., потым — антыфранц. руху. Чл. Камуніст. партыі Індакітая, з 1951 — Нар.-рэв. партыі Камбоджы (з 1963 — Кампучыйская камуніст. партыя), яе ген. сакратар у 1963—89. З 1967 узначаліў узбр. барацьбу камуністаў («чырвоных кхмераў») супраць рэжымаў Нарадома Сіянука, з 1970 — Лон Нола, якая скончылася захопам «чырвонымі кхмерамі» ў крас. 1975 улады ў краіне. У 1976—79 прэм’ер-міністр Дэмакр. Рэспублікі Кампучыі. Пад яго кіраўніцтвам была зроблена спроба хуткай пабудовы ў Камбоджы камуніст. грамадства; фактычна быў усталяваны жорсткі таталітарны рэжым, у выніку голаду і рэпрэсій загінула ад 2 да 3 млн. чал. Справакаваў узбр. канфлікт з В’етнамам. Пасля ўзяцця 7.1.1979 в’етн. войскамі сталіцы Камбоджы Пнампеня ўцёк у Тайланд, дзе ўзначаліў партыз. барацьбу супраць рэжыму Хенга Самрына і в’етн. войск. У 1985 падаў у адстаўку з усіх пасад, застаючыся фактычным кіраўніком «чырвоных кхмераў». У ліст. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, дзе хаваўся ад новых улад у горных раёнах.

т. 12, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)